Ці ў згодзе Біблія з навукай?
Біблейскі адказ
Так. Хоць Біблія — гэта не навуковая праца, аднак, калі ў ёй закранаюцца навуковыя пытанні, яна вельмі дакладная. Разгледзім некалькі прыкладаў таго, што Біблія ў згодзе з навукай і што ў ёй змяшчаюцца навуковыя факты, якія значна адзрозніваліся ад вераванняў многіх людзей, якія жылі ў часы яе напісання.
Сусвет меў пачатак (Роду 1:1). Аднак многія старажытныя міфы апісваюць Сусвет не як штосьці створанае, а як тое, што з’явілася з хаоса. Вавілоняне верылі, што богі, якія нарадзілі Сусвет, выйшлі з двух акіянаў. Іншыя легенды гавораць, што Сусвет з’явіўся з велізарнага яйка.
Сусвет падпарадкоўваецца строгім законам прыроды, а не капрызам міфічных багоў (Ёва 38:33; Ярэміі 33:25). Міфы розных народаў вучаць таму, што людзі бездапаможныя перад непрадказальнымі, а часам і бязлітаснымі дзеяннямі багоў.
Зямля не мае бачнай апоры (Ёва 26:7). Многія старажытныя народы верылі, што Зямля — гэта пляскаты дыск, які знаходзіцца на велікане або жывёле, напрыклад, буйвале ці чарапасе.
Рэкі папаўняюцца вадой, якая выпараецца з паверхні акіянаў і іншых крыніц, а потым вяртаецца на зямлю ў выглядзе дажджу, снегу або граду (Ёва 36:27, 28; Эклезіяста 1:7; Ісаі 55:10; Амоса 9:6). Старажытныя грэкі думалі, што рэкі жывяцца за кошт падземных акіянскіх водаў, і гэта ўяўленне праіснавала аж да XVIII стагоддзя.
Горы падымаюцца і апускаюцца, сучасныя горы калісьці былі пад вадой (Псальм 104:6, 8, пераклад А. Бокуна). Аднак некаторыя міфы гавораць, што горы былі створаны багамі ў такім выглядзе, у якім мы бачым іх сёння.
Выкананне правілаў гігіены ахоўвае здароўе. У Законе, які быў дадзены старажытнаму народу Ізраіль, быў загад вымыцца пасля таго, як дакрануўся да нябожчыка. Таксама ў Законе былі апісаны мерапрыемствы адносна каранціну для інфекцыйных хворых і належнага выдалення чалавечых экскрэментаў (Святарская 11:28; 13:1—5; Паўторнага Закону 23:14). У той жа самы час у Егіпце існавала практыка лячыць адкрытыя раны сумяссю, якая змяшчала чалавечыя экскрэменты.
Ці ёсць у Бібліі навуковыя памылкі?
Як паказвае непрадузятае даследаванне, у Бібліі няма такіх памылак. Вось некалькі распаўсюджаных памылковых поглядаў адносна Бібліі:
Міф. У Бібліі гаворыцца, што Сусвет быў створаны за шэсць літаральных дзён.
Факт. Біблія не ўказвае дакладны час, за які Бог стварыў Сусвет (Роду 1:1). Дні стварэння Сусвету, апісаныя ў 1-м раздзеле Роду, былі прамежкамі часу невядомай працягласці. Акрамя таго, увесь перыяд, за які былі створаны зямля і неба, таксама названы «днём» (Роду 2:4).
Міф. У Бібліі гаворыцца, што расліннасць была створана да таго, як з’явілася Сонца, без якога фотасінтэз немагчымы (Роду 1:11, 16).
Факт. Паводле Бібліі, Сонца — адна з зорак, якія складаюць «неба»,— было створана да расліннасці (Роду 1:1). Рассеянае сонечнае святло дасягала паверхні Зямлі падчас першага «дня», або перыяда, стварэння. У трэці «дзень» стварэння, калі атмасфера праяснілася, на Зямлю стала паступаць дастаткова святла для таго, каб пачаўся працэс фотасінтэзу (Роду 1:3—5, 12, 13). Толькі пазней Сонца можна было выразна ўбачыць з паверхні Зямлі (Роду 1:16).
Міф. У Бібліі гаворыцца, што Сонца круціцца вакол Зямлі.
Факт. У Эклезіяста 1:5 запісана: «Узыходзіць сонца, і заходзіць сонца, і спяшаецца на месца сваё, і там ізноў нараджаецца». Аднак гэта сцверджанне толькі апісвае рух сонца, які бачыць зямны назіральнік. У наш час мы таксама гаворым «усход сонца» і «захад сонца», хоць і ведаем, што на самай справе гэта Зямля верціцца вакол Сонца.
Міф. У Бібліі сказана, што Зямля плоская.
Факт. У Бібліі выкарыстоўваецца выраз «па край зямлі» для апісання найбольш аддаленых месцаў, аднак пад гэтым выразам не маецца на ўвазе, што Зямля плоская і што ў яе ёсць літаральны край (Дзеі 1:8). Такім жа чынам, выраз «чатыры бакі свету» — гэта метафара для абазначэння ўсёй зямлі; сёння мы таксама яго выкарыстоўваем (Ісаі 11:12; Лукі 13:29).
Міф. У Бібліі гаворыцца, што даўжыня акружнасці роўная тром дыяметрам, але на самай справе яна роўная дыяметру, памножанаму на лік пі (π), або прыкладна на 3,1416.
Факт. Згодна з 1 Цароў 7:23 і 2 Хронікаў 4:2, дыяметр «літага мора» складаў 10 локцяў, а акружнасць — 30 локцяў. Гэтыя памеры, хутчэй за ўсё, былі акругленымі. Таксама магчыма, што даўжыню акружнасці мерылі па ўнутранай сценцы рэзервуара, а дыяметр — па знешняй.